Беларуская Служба

«Купляйце садавіну ў звычайнай краме, не абавязкова экалагічную!». Дыетолаг пра эфектыўнае  пахудзенне

06.08.2025 17:07
Атлусценне аказвае негатыўны ўплыў на здароўе, з'яўляецца фактарам рызыкі многіх захворванняў.
Аўдыё
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Даўно прайшлі тыя часы, калі чалавеку рабілі камплімент, кажучы, што ён «паправіўся» у значэнні «набраў вагу». Цяпер большай праблемай мільёнаў людзей з’яўляецца лішак кілаграмаў, чым іх недахоп. Кожны пяты паляк пакутуе на атлусценне. Гэтая праблема таксама закранае дзяцей і падлеткаў, якія набіраюць вагу хутчэй за іншых еўрапейскіх дзяцей. Шмат кажуць пра модны трэнд - так званы body positive - калі чалавек прымае сябе такім, якім ён ёсць. Але лішняя вага – гэта не толькі эстэтыка. Атлусценне аказвае негатыўны ўплыў на здароўе, з'яўляецца фактарам рызыкі многіх захворванняў.

Дыетолаг доктар Міхал Вжосэк (Michał Wrzosek) дапамагае людзям дасягаць ідэальную вагу. Ён стварыў бізнес, самастойна распрацоўвае і праводзіць курсы, каб даць практычныя веды ў даступнай і матывацыйнай форме, піша кнігі. У яго звыш двух мільёнаў падпісчыкаў у сацсетках. Ён стараецца звяртацца да людзей у даступнай форме.

 Многія людзі ў інтэрнэце празмерна ўскладняюць дыеталогію, ствараючы дзіўныя прынцыпы харчавання. Ім здаецца, што для карыстальніка гэта цікава, што яны прапануюць нешта новае, што гучыць прывабна, асабліва калі гэта незразумела. А на маю думку, каля 80% поспеху залежыць ад некалькіх вельмі простых рэчаў. І гэта не тое, што, маўляў, трэба спажываць снеданне або не спажываць, трэба пазбягаць вугляводаў ці есці апошні раз да 18 гадзін. Не, самае важнае ў харчаванні – гэта, па-першае, колькасць спажыванай ежы і колькасць калорый, і, па-другое, з якога харчавання мы атрымліваем гэтыя калорыі.

Існуе меркаванне, што пахудзець вельмі цяжка. Некаторыя амаль увесь час “сядзяць на дыетах”, часам ім удаецца крыху скінуць вагу, але пазней і так яе набіраюць, часам нават больш, чым было да дыеты. Па словах дыетолага, калі чалавек худзее разумна і пры дапамозе спецыяліста, гэта як правіла заканчваецца поспехам.

— 99% пацыентаў, якія застаюцца ў кантакце са сваім дыетолагам, атрымліваюць поспех. Гэта значыць, яны не паддаюцца, калі нешта не выходзіць, адказваюць на паведамленні спецыяліста і выконваюць яго рэкамендацыі. Канешне, шмат залежыць ад чалавека. У аднаго маса змяншаецца адносна хутка, каля аднаго кілаграма ў тыдзень. У іншых гэты працэс ідзе больш павольна. Шмат залежыць ад іншых фактараў – працы, сямейнага палажэння, узроўню фінансаў і г.д. Таксама ў кожнага з нас іншыя гены. І важна заставацца ў кантакце з дыетолагам, паколькі першы план харчавання як правіла патрабуе мадыфікацыі ў залежнасці ад таго, што пацыенту падабаецца, а што - не. Іншая справа – пачуццё віны. У кожнага здараюцца хвіліны слабасці – з’есці нешта не карыснае, салодкае, тлустае. Нельга тады пазбягаць кантакту са сваім дыетолагам, можна яму прызнацца, гэта не смяротны грэх. Лепш, каб пацыент не знікаў, не жыў з пачуццём віны, што зрабіў нешта дрэннае.

Эксперт кажа, што шмат у чым вінаваты інтэрнэт, а хутчэй блогеры, якія праз інтэрнэт пераконваюць людзей, што ёсць прадукты, якія абсалютна нельга спажываць. На самой жа справе гэта прыносіць хутчэй шкоду, чым карысць.

 У сеціве ёсць шмат асоб з вялікім ахопам, якія маюць такі жорсткі падыход да дыеты – ёсць рэчы, якія шкодзяць здароўю, іх абсалютна нельга есці. Я не да канца згодны з такім падыходам. На маю думку, каля 80-90% нашага харчавання павінна быць натуральным і карысным для здароўя. А гэтыя астатнія 10-20% - гэта ежа для нашай галавы, пра якую не трэба думаць, ці яна карысная, ці не. Проста есці тое, што нам хочацца. Калі мы клапоцімся пра наша фізічнае здароўе, мы не павінны забываць і пра наша псіхалагічнае здароўе. Часам пацыенты думаюць так: трэба харчавацца толькі так, без ніякіх выключэнняў. На маю думку, гэта шкодны і няправільны падыход.

Меркаваннем дыетолага, нельга цалкам забараняць чалавеку нешта есці, тады ўзнікае бунт, нават падсвядомы, і цяжэй трымацца рацыянальнага стылю харчавання. На яго думку, неабходна пашыраць папулярнасць садавіны і гародніны, а не адпужваць людзей ад расліннай ежы, распавядаючы ім, што неабходна есці толькі экалагічныя расліны, бо ў іншых шмат пестыцыдаў, свінцу і г.д.

 Адным з закідаў у мой адрас было тое, што я раю купляць садавіну і гародніну ў самых звычайных крамах. Калі я пытаюся ў людзей, дзе яны купляюць харчаванне, яны называюць два папулярныя ў Польшчы дыскаўнтарах. І яны хутчэй не зменяць месца пакупак. У гэтых крамах ёсць тое, чаго я сам ніколі б не купіў і тое, што мог бы купіць. Я назіраю, што людзі кладуць у свой кошык. Праблема не ў тым, што яны бяруць дрэнны банан, “няправільную” садавіну ці гародніну. Праблема ў тым, што большасць кладзе ў кошык сасіскі, піва, нейкі тлусты соус, белы хлеб і слодычы. Я калісьці запісаў відэа пра тое, што купляць і чаго лепш не купляць. Водгук быў вялікі. Аказалася, што людзі не ведаюць самых элементарных рэчаў і што метадам маленькіх крокаў можа вучыць людзей харчавацца лепш. У цябе дома крыху менш дрэннай ежы, крыху больш карыснай. І ў выніку худзееш.  

У сваіх выступах Міхал Вжосэк вучыць, што асновай харчавання павінна быць свежая гародніна і садавіна – нават палова талеркі. Да гэтага – нейкая крыніца бялка, можа быць жывёльнага паходжання або расліннага. І такі стыль можа стаць штодзённым навыкам.

Чацвёртая праграма Польскага радыё/Piotr Galus/нг